pashpart.org

Міжнародная ахова

Даведайцеся пра працэс, крытэрыі і правы пры пошуку прытулку і абароны.

Партугалія

Атрыманне міжнароднай абароны ў Партугаліі

1. Падача заявы

Калі вы ўжо знаходзіцеся ў краіне, вы можаце запытаць прытулак у любым аддзеле паліцыі ці ў Агенцтве па інтэграцыі, міграцыі і прытулку (AIMA). Нацыянальны цэнтр па справах прытулку і бежанцаў (CNAR) — гэта аддзел AIMA, які адказвае за рэгістрацыю і аналіз хадайніцтваў аб прадастаўленні прытулку.

Пры прыбыцці ў Партугалію вы можаце падаць заяву аб прадастаўленні прытулку на памежным пункце або ў цэнтры адміністрацыйнага затрымання ў аэрапорце (EECIT). Паліцыя перадасць ваш запыт AIMA. Калі ваша прэтэнзія не будзе прызнана неабгрунтаванай або непрымальнай, на працягу 7 дзён вы будзеце дапушчаныя на тэрыторыю Партугаліі і атрымаеце часовы дазвол на жыхарства. Калі агенцтва вырашыць, што вашу справу павінна разглядаць іншая краіна ЕС, 7-дзённы тэрмін прыпыняць і распачнуць Дублінскую працэдуру. У выпадку прызнання заяўкі непрымальнай і неабгрунтаванай, разгляд справы будзе прыпынены, вы застанецеся на тэрыторыі аэрапорта ці EECIT. Падчас працэдуры апеляцыі вы будзеце заставацца ў EECIT да 60 дзён, пасля чаго вам ці дазволяць уезд у Партугалію, ці вышлюць пасля рашэння суда.

2. Ідэнтыфікацыя і інтэрв'ю

Пасля заявы ў AIMA або паліцыі вас зарэгіструюць праз працэс ідэнтыфікацыі: возьмуць адбіткі пальцаў, зробяць фатаграфію і папросяць запоўніць форму з інфармацыяй аб ідэнтыфікацыі асобы, маршруце, падставах хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку, пацвярджальных доказах і сведках. Пасля рэгістрацыі AIMA выдасць вам дэкларацыю, якая дазваляе законна знаходзіцца ў краіне і працаваць падчас разгляду заявы.

Вас запросяць на гутарку з супрацоўнікам AIMA, дзе пры неабходнасці будзе прысутнічаць перакладчык. Падчас інтэрв'ю вам зададуць пытанні аб вашай асобе, сям'і, шляху да Партугаліі і прычынах уцёкаў з краіны паходжання. Вазьміце з сабой усе дакументы, якія могуць пацвердзіць вашу гісторыю. Інтэрв'ю таксама вызначыць, ці будзе ваша заява разглядацца ў Партугаліі або іншай краінай ЕС (Дублінская працэдура). Пасля інтэрв'ю вы атрымаеце пісьмовую справаздачу і зможаце прадставіць свае каментары на працягу 3 працоўных дзён.

3. Разгляд справы

Тэрмін разгляду па законе складае ад 6 да 9 месяцаў, але на практыцы можа займаць больш за два гады. Пакуль невядома пра станоўчыя кейсы прытулку для беларусаў, толькі адкрытыя працэсы і два выпадкі высылкі ў Польшчу як краіну візы ці першага ўезду. Як просьбіт прытулку вы маеце права працаваць, у тым ліку як індывідуальны прадпрымальнік. Пашпарт у вас не забіраюць. Вы маеце права на асноўную дапамогу, калі ў вас няма дастатковых фінансавых сродкаў: пражыванне, харчаванне, юрыдычную, медыцынскую і псіхасацыяльную дапамогу ў спецыялізаваных установах.

  • Portuguese Refugee Council (CPR) адказвае за прыём і сацыяльную падтрымку падчас працэдуры дапушчальнасці.
  • Security Institute аказвае падтрымку пасля таго, як вас дапусцяць да звычайнай працэдуры.
  • Santa Casa da Misericórdia de Lisboa аказвае падтрымку, калі ваша заява адхілена і вы падалі апеляцыю.
4. Рашэнне

У выніку пазітыўнага рашэння вы атрымаеце статус бежанца і від на жыхарства на пяць гадоў, ці статус субсідыярнай абароны з відам на жыхарства на тры гады, якія можна падоўжыць. Калі ваша заяўка на прытулак адхілена, вы можаце падаць апеляцыю. Без апеляцыі вы можаце застацца ў Партугаліі не больш за 30 дзён.

5. Карысная інфармацыя:
  • Заканадаўства: Concessão De Asilo Ou Protecção Subsidiária
  • Інстытуцыя па справах бежанцаў: A Agência para a Integração, Migrações e Asilo (AIMA, I.P.)
    • Адрас: Rua Álvaro Coutinho, 14 , 1150-025 Лісабон
  • Бясплатная юрыдычная падтрымка: Для атрымання бясплатнай юрыдычнай падтрымкі звярніцеся ў мясцовыя арганізацыі, якія займаюцца прававой дапамогай бежанцам.
  • Кансультацыю па атрыманні міжнароднай абароны ў Партугаліі можна атрымаць у Народнай амбасадзе Беларусі: portugal@belarusabroad.org