Пашпарт замежніка
Даведайцеся пра дакументы, зборы і час для атрымання пашпарту замежніка ў розных краінах.
Паважаныя сябры! Гэтая старонка створана ў сувязі з уступленнем у сілу ўказа № 278 ад 4 верасня 2023 года, які выключае права беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, атрымліваць новыя пашпарты ці прадаўжаць тэрмін дзеяння старых пашпартоў у дыпрадстаўніцтвах.
Iснуе магчымасць атрымаць «Пашпарт замежніка» ў некаторых замежных краінах. На гэтай старонцы мы прапануем Вам спіс дзяржаў, якія прапануюць праграмы па наданні статусу рэзідэнта для замежнікаў. Таксама тут Вы зможаце знайсці дэтальную інструкцыю аб тым, як правільна падаць запыт на атрыманне пашпарта ў гэтых краінах. Мы спадзяемся, што гэтая інфармацыя будзе карыснай для Вас.
Вы можаце даслаць інфармацыю па краіне на help@belarusabroad.org .
Чэхія
Пашпарт замежніка і праязное пасведчанне асобы ў Чэхіі
У Чэшскай Рэспубліцы замежнікі могуць атрымаць пашпарт замежніка (cizinecký pas) або праязное пасведчанне асобы (cestovní průkaz totožnosti) у залежнасці ад іх статусу знаходжання.
Пашпарт замежніка (Cizinecký pas)
Згодна з пунктам 6 параграфа 113 Закона № 326/1999 Sb. "Аб знаходжанні замежнікаў на тэрыторыі Чэшскай Рэспублікі", пашпарт замежніка выдаецца па хадайніцтву замежніка ў наступных выпадках:
- Калі асоба пражывае на тэрыторыі Чэхіі на падставе дазволу на пастаяннае пражыванне, не мае сапраўднага праязнога дакумента і можа даказаць, што не ў стане атрымаць яго па прычынах, якія не залежаць ад яе волі.
- Калі асоба мае права на пастаяннае пражыванне ў адпаведнасці з параграфам 87 і не мае сапраўднага праязнога дакумента.
- Калі асоба знаходзіцца пад часовай абаронай у адпаведнасці са спецыяльным прававым палажэннем 3a і не мае праязнога дакумента.
Тэрмін дзеяння пашпарта замежніка (п.1 § 113)
- Пашпарт замежніка выдаецца з тэрытарыяльным дзеяннем ва ўсе краіны свету. Стандартны тэрмін дзеяння складае 10 гадоў. Для замежнікаў ва ўзросце да 15 гадоў тэрмін дзеяння складае 5 гадоў.
- Калі пашпарт выдаецца па прычыне, указанай у пункце 6а параграфа 113, і перашкода, якая не залежыць ад волі замежніка і з-за якой ён не можа атрымаць праязны дакумент, носіць толькі часовы характар, пашпарт замежніка выдаецца з тэрмінам дзеяння 1 год.
- Іншаземцам, якія атрымалі часовую абарону, пашпарт замежніка выдаецца з тэрмінам дзеяння, які адпавядае тэрміну дзеяння карты іншаземца, які карыстаецца часовай абаронай, у адпаведнасці са спецыяльным прававым палажэннем 3a.
У выпадку вынясення паспяховага рашэння, пашпарт замежніка будзе выдадзены на працягу 30 дзён з моманту падачы заявы.
Празное пасведчанне асобы (Cestovní průkaz totožnosti)
Калі ў вас няма ні дазволу на пастаяннае пражыванне (trvalý pobyt), ні часовай абароны (dočasná ochrana), ні дадатковай абароны (doplňková ochrana), то згодна з параграфам 114 вы можаце атрымаць праязное пасведчанне асобы (cestovní průkaz totožnosti). Гэты дакумент дзейнічае да 180 дзён (у выключных выпадках да 365 дзён).
Дадатковая інфармацыя
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў Законе № 326/1999 Sb. "Аб знаходжанні замежнікаў на тэрыторыі Чэшскай Рэспублікі", параграфы § 113 і § 114: https://www.zakonyprolidi.cz/cs/1999-326 .