Міжнародная ахова
Даведайцеся пра працэс, крытэрыі і правы пры пошуку прытулку і абароны.
Вялікабрытанія
Атрыманне міжнароднай абароны ў Вялікабрытаніі
1. Падача заявы
Запытаць прытулак можна падчас працэдуры “адбору” (screening), дзе вас сфатаграфуюць, здымуць адбіткі пальцаў, высветляць, хто вы і адкуль. Вы можаце звярнуцца да памежніка пры ўездзе ў краіну. Калі вы знаходзіцеся ў Вялікабрытаніі - вы павінны патэлефанаваць у аддзяленне прыёму прытулку па нумары 0300 123 4193 і адказаць на пытанні пра вас і вашу сям’ю, ці трэба вам дапамога з жыллём, даць свой адрас. Вам прызначаць час рэгістрацыі вашай заявы, куды трэба будзе прыйсці ўсёй сям’ёй і прынесці дакументы (пашпарт і іншыя асабістыя дакументы, пацверджанне аб пражыванні па адрасе, доказы пераследу).
2. Анкета і інтэрв’ю
Пасля праверкі Міністэрства ўнутраных спраў разгледзіць вашу справу і вырашыць, ці можа яна быць разгледжана ў Вялікабрытаніі, ці будзе распачата Дублінская працэдура. Вам будзе адпраўлена рэгістрацыйная картка прытулку (ARC) на ваш адрас у Вялікабрытаніі. Вы можаце выкарыстоўваць яе для пацвярджэння асобы, атрымання дазволу на працу, медыцынскіх або адукацыйных паслуг. Вам могуць таксама даслаць анкету аб прытулку, якую трэба запоўніць і вярнуць на адрас і ў тэрмін, пазначаны ў анкеце. Паведаміць аб змене кантактных дадзеных можна праз анлайн-форму .
Калі ваша справа можа быць разгледжана ў Вялікабрытаніі, яе перададуць супрацоўніку, які прызначыць інтэрв’ю, дзе вы распавядзеце пра вашыя абставіны і абгрунтуеце неабходнасць прытулку. Вам трэба будзе рэгулярна наведваць сустрэчы з супрацоўнікам (Reporting events), на якія трэба браць ARC з сабой. Паведаміце супрацоўніку, калі ў вас ёсць асаблівыя патрэбы, напрыклад, інваліднасць або неабходнасць у медыкаментах.
3. Разгляд справы
Тэрмін разгляду справы па законе складаюць ад 6 да 12 месяцаў, але на практыцы могуць заняць некалькі год (ёсць кейсы разгляду 5-7 гадоў). Па статыстыцы , у Вялікабрытаніі каля 50% кейсаў даюць прытулак. Пасля 12 месяцаў вы можаце падаць заяву на атрыманне дазволу на працу (work permit), які дазваляе працаваць у абмежаванай колькасці сектараў - сельская гаспадарка, дагляд - дзе не хапае працоўных. Падчас разгляду справы вы маеце права на падтрымку : жыллё, матэрыяльнае забеспячэнне, адукацыю для дзяцей, медычную дапамогу. Жыллё прадастаўляецца ў спецыяльных цэнтрах ці лагерах, у гатэлях, у прыватным сектары. Фінансавая падтрымка для забеспячэння асноўных жыццёвых патрэбаў складае каля 40 фунтаў на тыдзень. Дзеці ўцекачоў маюць права на адукацыю ў дзяржаўных школах, а дарослыя - на вывучэнне мовы. Вы маеце права на бясплатную юрыдычную дапамогу для падрыхтоўкі і падачы сваёй заявы, хоць у рэчаіснасці можа быць цяжка знайсці адваката праз вялікаю колькасць запытаў.
4. Рашэнне
Па выніках разгляду справы вы атрымаеце статус бежанца ці гуманітарную абарону (калі не адпавядаеце патрабаванням для статусу бежанца, але не можаце вярнуцца ў сваю краіну), а таксама дазвол на знаходжанне ў Вялікабрытаніі мінімум на 5 гадоў і зможаце падаць заяўку на крэдыт для інтэграцыі бежанцаў . Калі вы ўключылі партнёра або дзяцей да 18 гадоў у сваю заяўку як утрыманцаў, яны атрымаюць дазвол на знаходжанне на 5 гадоў. Утрыманцы не атрымліваюць статус бежанца або гуманітарную абарону, калі не падаюць уласную заяву аб прытулку. У выпадку адмовы вы можаце абскардзіць рашэнне ці абавязаны пакінуць краіну.
5. Карысная інфармацыя:
- Заканадаўства: Immigration and Asylum Act 1999 .
- Інфармацыйны буклет: Apply for asylum in the UK - GOV.UK .
- Кансультацыі па міграцыйных пытаннях: Home Office Guidance: Asylum .
- Інстытуцыя па справах бежанцаў: Home Office Asylum .
- Refugee Council: https://www.refugeecouncil.org.uk/ , некамерцыйная арганізацыя, якая дапамагае шукальнікам прытулку.
- Кансультацыю па атрыманні міжнароднай аховы ў Вялікабрытаніі можна атрымаць у Народнай амбасадзе Беларусі: uk@belarusabroad.org .