Пашпарт замежніка
Даведайцеся пра дакументы, зборы і час для атрымання пашпарту замежніка ў розных краінах.
Паважаныя сябры! Гэтая старонка створана ў сувязі з уступленнем у сілу ўказа № 278 ад 4 верасня 2023 года, які выключае права беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, атрымліваць новыя пашпарты ці прадаўжаць тэрмін дзеяння старых пашпартоў у дыпрадстаўніцтвах.
Iснуе магчымасць атрымаць «Пашпарт замежніка» ў некаторых замежных краінах. На гэтай старонцы мы прапануем Вам спіс дзяржаў, якія прапануюць праграмы па наданні статусу рэзідэнта для замежнікаў. Таксама тут Вы зможаце знайсці дэтальную інструкцыю аб тым, як правільна падаць запыт на атрыманне пашпарта ў гэтых краінах. Мы спадзяемся, што гэтая інфармацыя будзе карыснай для Вас.
Вы можаце даслаць інфармацыю па краіне на help@belarusabroad.org .
Італія
Атрыманне праязнога дакумента для замежнікаў у Італіі
У цяперашняй сітуацыі адным з магчымых варыянтаў дзеянняў для беларусаў з'яўляецца атрыманне праязнога дакумента для замежнікаў (il titolo di viaggio per i stranieri). Гэта афіцыйны дакумент, які выдаецца тэрытарыяльнымі ўпраўленнямі паліцыі (Questura). Важна адзначыць, што гэта не той жа самы дакумент, які выдаецца ўцекачам; гэта два розныя тыпы дакументаў, але іх выдача рэгулюецца адзіным Артыкулам 24 заканадаўчага дэкрэта 251/2007.
На жаль, гэты дэкрэт толькі ўскосна дае магчымасць атрымаць пашпарт замежніка, бо ў Артыкуле 24 указана, што яго могуць атрымаць асобы, якія знаходзяцца пад дадатковай абаронай і якія па некаторых прычынах не могуць звярнуцца ў амбасаду краіны паходжання. З 2007 года гэты артыкул не змяняўся, што сведчыць пра слабы попыт на дакумент. Аднак у нашай унікальнай сітуацыі варта паспрабаваць падаць запыт на атрыманне гэтага дакумента, паслядоўна і грунтоўна яго матывуючы.
Што трэба зрабіць для атрымання праязнога дакумента для замежніка?
Неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльнае ўпраўленне паліцыі (Questura).
Перш чым запісвацца на прыём у Questura, рэкамендуецца напісаць ліст на электронную пошту Questura вашага горада. Ліст пішацца ў свабоднай форме, яго асноўная мэта — распавесці пра сітуацыю і папрасіць дапамогі. У вашым выпадку гэта не з'яўляецца абавязкам Questura, але можа быць крокам насустрач. Да ліста трэба дадаць наступныя дакументы ў фармаце PDF:
- Пераклад Указа Лукашэнкі (нумар 278 ад 04.09.2023).
- Афіцыйны адказ беларускай амбасады з адмовай у выдачы пашпарта. Каб яго атрымаць, пішыце ў амбасаду Рэспублікі Беларусь.
- Калі ёсць доказы пераследу, прыкладзіце іх таксама. Калі вы ўдзельнічалі/удзельнічаеце ў пэўных актыўнасцях і маеце сведчанні таму, можаце звярнуцца ў Bysol па даведку.
- Калі доказаў няма, можаце прыкласці наступны дакумент: кароткі даведнік рэпрэсій , якім падвергліся беларусы, вярнуўшыся ў Беларусь.
Ліст трэба адправіць на электронныя скрыні questore, а таксама ў міграцыйны офіс. Калі вам не адкажуць, дасылайце зноў.
Падача дакументаў у Questura
Калі вы атрымаеце станоўчы адказ, трэба запісацца на прыём і ў прызначаны дзень прыйсці ў Questura з наступнымі дакументамі:
- 2 фатаграфіі пашпартнага памеру.
- Від на жыхарства (дзеючы або з квітанцыяй аб падаўжэнні).
- Марка (гербавы збор) коштам 16 € (набываецца ў tabaccheria).
- Марка дзяржаўнага падатку на выкарыстанне пашпартоў коштам 73,50 €.
- Квітанцыя аб паштовым плацяжы з надпісам «Proventi dalla cessione di documenti di viaggio per stranieri» на рахунак n.67422808 на імя Ministero dell'Economia e delle Finanze - Dipartimento del Tesoro у памеры 42,22 €.
- Копіі дакументаў, якія вы дасылалі ў фармаце PDF: афіцыйны адказ беларускай амбасады з адмовай у выдачы пашпарта, Указ Лукашэнкі на італьянскай мове, доказы пераследу, даведка ад Bysol, даведнік рэпрэсій, якім падвергліся беларусы, вярнуўшыся ў Беларусь.
Больш падрабязную інфармацыю вы можаце знайсці на партале іміграцыйнай службы .