pashpart.org

Міжнародная ахова

Даведайцеся пра працэс, крытэрыі і правы пры пошуку прытулку і абароны.

Польшча

Атрыманне міжнароднай абароны ў Польшчы

Польшча з'яўляецца лідарам па колькасці выдадзеных статусаў бежанца беларусам, дэманструючы высокую адкрытасць. Працэдура для беларусаў адносна простая, а тэрміны разгляду звычайна складаюць 4-5 месяцаў.

Падача заявы

Запытаць міжнародную абарону можна пры перасячэнні мяжы або на тэрыторыі Польшчы ў любым аддзеле памежнай службы. Падчас працэдуры памежнік запоўніць бланк заявы аб прадастаўленні міжнароднай абароны на падставе вашых адказаў і перадасць яго на разгляд Кіраўніку Упраўлення па справах замежнікаў (Szef Urzędu do Spraw Cudzoziemców).

Статутнае суразмоўе і ацэнка доказаў

Суразмоўе праводзіцца, каб высветліць усе абставіны справы, прычыны, па якіх вы пакінулі Беларусь, і магчымы пераслед. У большасці выпадкаў грамадзян Беларусі не выклікаюць на статутнае суразмоўе, а просяць адказаць на пытанні ў пісьмовым выглядзе. Бланк з адказамі на пытанні і прыкладзенымі доказамі (пратаколы, фота, пастановы і г.д.) неабходна на працягу 14 дзён даслаць ці прынесці асабіста на адрас Упраўлення – Urząd do Spraw Cudzoziemców, ul. Taborowa 33, 02-699 Warszawa.

Тэрмін разгляду

Па законе тэрмін разгляду справы можа складаць да 6 месяцаў, але можа быць падоўжаны да 15 месяцаў. Сярэдні тэрмін разгляду - 4-5 месяцаў.

Правы і абмежаванні

Пашпарт застанецца ва Упраўленні ўвесь час разгляду справы, замест яго выдаецца пасведчанне асобы замежніка (Tymczasowe Zaświadczenie Tożsamości Cudzoziemca).

Суіскальнікі могуць жыць у лагеры бежанцаў ці падаць заяву на кампенсацыю выдаткаў за пражыванне. Заяву можна падаць па пошце або асабіста: Departament Pomocy Socjalnej UDSC, ul. Taborowa 33, 02-699 Warszawa. Кампенсацыю не могуць атрымаць суіскальнікі, якія на момант падачы заявы мелі статус у Польшчы.

Суіскальнікі статусу маюць права працаваць, толькі калі ў іх на момант падачы заявы быў дазвол на працу на падставе віда на жыхарства, гуманітарнай візы ці карты паляка.

Заяўнік абавязаны паведамляць пра змену адраса ці сацыяльнага статусу.

Рашэнне

Вынікам разгляду вашай справы можа быць выдадзены статус уцекача, дадатковая абарона ці адмова. У вас ёсць 14 дзён для падачы скаргі, калі вы не згодныя з рашэннем. У гэтым выпадку рэкамендуецца атрымаць кансультацыю юрыста.

Падрабязна пра правы пасля атрымання міжнароднай абароны ў Польшчы можна прачытаць у Даведніку .

Карысная інфармацыя

Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах Цэнтра Беларускай Салідарнасці.