Міжнародная ахова
Даведайцеся пра працэс, крытэрыі і правы пры пошуку прытулку і абароны.
Італія
Атрыманне міжнароднай абароны ў Італіі
1. Падача заявы
Вы можаце запытаць прытулак альбо ў памежнай паліцыі па прыбыцці, альбо ў іміграцыйным аддзеле паліцыі (Questura), калі вы ўжо знаходзіцеся ў Італіі. Як асоба, якая шукае прытулку, вы маеце права знаходзіцца ў цэнтры прыёму.
Пасля выказвання вашага намеру звярнуцца па міжнародную абарону паліцыя ідэнтыфікуе вашу асобу шляхам рэгістрацыі вашых асабістых даных, фатаграфавання і запісу адбіткаў пальцаў. Паліцыя таксама папросіць вас здаць пашпарт, калі ён у вас ёсць.
2. Інтэрв'ю
На новай сустрэчы з Questura вам трэба будзе запоўніць форму пад назвай «Modello C3», якая ўключае вашыя асабістыя дадзеныя, інфармацыю пра вашу сям'ю, ваша падарожжа і прычыны, па якіх вы ўцяклі з краіны. Вы можаце падаць пісьмова вашу гісторыю і доказы пераследу. У адрозненне ад С3, Foglio notizie — гэта анкета, каб выявіць эканамічных мігрантаў. Калі замест “міжнародная ахова” адзначыць “праца” ці “вучоба”, вас могуць выслаць з краіны. Пасля афармлення вашай просьбы аб прадастаўленні прытулку вам давядзецца пачакаць, пакуль вас не выклічуць на інтэрв’ю ў Тэрытарыяльную камісію (Commissione Territoriale per il Riconoscimento della Protezione Internazionale), адказную за разгляд вашай справы аб прадастаўленні прытулку.
Згодна з італьянскім заканадаўствам, тэрытарыяльная камісія праводзіць гутарку з заяўнікам на працягу 30 дзён пасля атрымання заяўкі, пасля чаго прымае рашэнне на працягу 3 працоўных дзён. На практыцы гэтага ніколі не бывае. Як правіла, людзі чакаюць ад 6 месяцаў да аднаго года, каб прайсці сумоўе пасля падачы C3.
3. Разгляд справы
У Італіі ёсць паспяховыя кейсы атрымання прытулку беларусамі. Працэнт адмоваў нізкі, але вельмі доўгія тэрміны разгляду: ад года па звычайнай працэдуры, ад двух па Дублінскай. Працаваць можна праз 60 дзён з падачы пры наяўнасці дакументаў. Дапамога ёсць толькі ў лагеры — пражыванне, харчаванне, медычная дапамога. Пашпарт забіраюць, пакідаць тэрыторыю Італіі забаронена. На працягу ўсёй працэдуры прадастаўлення прытулку вы маеце права заставацца ў Італіі з 6-месячным дазволам на знаходжанне, які называецца Permesso di Soggiorno per Richiesta Asilo, ці Permesso di Soggiorno Dublino ў выпадку Дублінскай працэдуры.
4. Рашэнне
Магчымыя вынікі для хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку: прадастаўленне статусу бежанца, дадатковай абароны, спецыяльнай абароны ці адмова, якую вы можаце абскардзіць на працягу 30 дзён.
5. Карысная інфармацыя:
- Заканадаўства: Legislative Decree no. 142/2015
- Працэдура атрымання прытулку: https://www.interno.gov.it
- Інстытуцыя па справах бежанцаў: Dipartimento per le libertà civili e l’immigrazione
- Кансультацыю па атрыманні міжнароднай аховы ў Італіі можна атрымаць у Народнай амбасадзе Беларусі: italy@belarusabroad.org